epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Радзіме

Я паціху пяю...

Толькі веру, мяне ты пачуеш.

Песня скажа табе, як нязменна і моцна люблю я

 

Цябе — шчасце маё, маю радасць, душы мае сілы.

Не была б я сабой, каб цябе ўсёй душой не любіла.

Маці родная, любая!

Ты — наша добрая маці...

Працаваць для цябе — ці на свеце ёсць большае

шчасце!

 

Усю сутнасць маю — чым багата душа, поўна сэрца,

Усё аддам я табе.

І ўсяго таго мала, здаецца.

 

Ты жыццё мне дала. Ў дар прынесла мне шчасце

свабоды,

Навучыла служыць усім сэрцам табе і народу,

 

Песні ў грудзі ўліла, што гучаць ў поўны голас так

шчасна,

Як цвіце наша доля, як свеціцца сонейка ясна.

 

Мы кавалі яе.

Наша доля — працоўных рук справа,

Дык жа слава табе! І народу нязломнаму — слава!

 

Ён усё перамог, перанёс...

Кінуў гора пад ногі!

І, як волат, ідзе да найбольшай за ўсе перамогі.

 

Ой, крутыя дарогі! Йсці па іх нам не лёгка,

не проста.

Толькі людзі у нас да эпохі раўняюцца ростам.

 

Я паціху пяю.

Толькі ты маю песню пачуеш.

Па табе мае рукі і шчырае сэрца сумуюць.

 

Дум крылаты палёт, маіх песень гарачыя словы.

Ўсё жыццё да канца шчырай працы аддаць я гатова,

 

Каб наблізіць той час, калі ў працы народзіцца

чэснай

Камунізм — наша шчасце... Народа свабоднага песня!

1971 г.


1968;1971

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан