epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Рана

О, не кажыце вы, што рана загаілась,

Што меней кроў яе ўжо аблівае:

Хоць слёзаў не відаць, ды енкі не спынілісь;

Хоць часам нават смех на вуснах заіграе,—

 

Глыбокая яна — згаіцца ёй няскора...

Не датыкайцеся ж нябачнымі рукамі,

Бо хоць і змоўк вулкан, застыла лавы мора,

Нутро яго кіпіць гарачымі агнямі!..

1911


1911

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан