epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Рэчка і каменьчык

Спакой зімы, сняжыстай, соннай,

Змяніў жывы і неўгамонны,

Пявучы, кветны, бурны май.

Любоўна сонца грэе нівы,

Шуміць, гудзіць наш Сож бурлівы,

Сцякае з поля ў дол ручай.

Каменьчык жаліцца вадзіцы:

«Ты можаш плыць, шумець, бруіцца,

А я на месцы вось ляжу».

Тут — рэчкі бераг падламаўся,

Каменьчык у ваду сарваўся,

Падун схапіў яго, панёс...

На дно кідае, ў вірах кружыць,

Каменьчык больш ужо не тужыць,

Яго шліфуюць, мыюць, труць,—

Ён будзе гладкім і прыгожым,

Ён засвяціцца нават можа,

Як самацветы, хоць чуць-чуць!

Ісці наперад! Ў гэтым сіла.

Яна усё ў жыцці стварыла

І — творачы — наперад йдзе!

Ў застоі — смерць.

Жыццё — ў імкненні

Для вод, раслін і для каменняў,

Тым больш для нас — жывых людзей.

1959 г.


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан