Зямля беларуская, родная маці,
Расціла мяне ты у беднае хаце...
Ля прызбы стаялі сяброўкі-бярозкі,
Ранялі на голаў мне светлыя слёзкі
І к сонцу працягвалі тонкія вецці,
Якія май зеленню яркаю квеціў.
Жылося нам цяжка і горка нярэдка...
І ўсё ж расквітнела дзяўчына, як кветка,
І выйшла у свет... На дарогу — праз поле,
Шукаць свайго шчасця, шукаць сваёй долі,
Як птах, што, раз першы раскінуўшы крылы,
Кідае гняздо, каб адчуць свае сілы...
Жылося усяк... Лепш і горай жылося,
Як ліст, адарваны з сучка, вецер носіць,—
То скіне на дол, то — угору падыме...
Так я, пакланіўшыся нізка Радзіме,
Пайшла ў свет шырокі, чужы, нелагодны,
Шукаць сабе працы... Далёка ад родных
Знайшла я людзей, што спрыялі мне шчыра,
А ўсё ж Беларусь, скуль ляцела я ў вырай,
Была мне заўсёды жаданай і роднай,
А потым Масква прытуліла лагодна
І светлай красой увайшла мне у грудзі...
Яна мне да смерці любімаю будзе!
І ўсё ж час ад часу ўзнікае патрэба '
Убачыць блакіт беларускага неба,
Пачуць нашы песні, хадзіць на узгорках,
Дзе пах ад чабору, духмяны і горкі.
Дзяцінства маё мне паставіць прад вочы.
Ружовыя ранкі... Блакітныя ночы...
І шум баравы — то спакойны, пануры,
То грозны, калі раскалышацца ў буры,
То светлы, праніклы, патайны і чысты,
Як шум ціхай хвалі люстрана-празрыстай,
Хаджу я тады, як дзяўчынка малая,
Што слухала песні зялёнага гаю,
Што думы складала у вершы над рэчкай,
Дзе грэчка паліла ружовыя свечкі,
Дзе межы сівелі ад пахаў палынных,
Дзе дзіва-кастрамі цвіла канюшына,
Дзе песні плылі задуменна, тужліва,
Над лесам, над гаем, над спелаю нівай,
І сэрца краналі так сумам глыбокім,—
Што слёзы расілі дзявочыя шчокі.
І сёння я песні свае прысвячаю
Маёй Беларусі — любімаму краю.
1952 г.