epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Родных песень валадар

Глебка часта бываў у Уладзіславы Францаўны Луцэвіч, калі яна пасля смерці Янкі Купалы жыла ў мяне. Мы не пакідалі яе адну, усе хлопцы нашы — Панчанка, Гурскі і іншыя не забываліся пра «цёцю Уладзю», якую сардэчна любілі.

Шчыры, мяккі, лагодны, Пятро чараваў прыемнай гаворкай, поўнай дасціпнасці, вясёлай іроніі, душэўнай глыбіні. Я здзіўлялася яго ўменню пра складанае гаварыць проста, даходліва.

— Як гэта табе ўдаецца, Пятро? — пыталася я ў Глебкі.

Ён, як настаўнік на ўроку, адказаў без затрымкі:

— А ты падумай, што хочаш сказаць,— і словы прыйдуць самі.

Здружыла мяне з Глебкам работа над маёй кнігай «Світанне», якую ён рэдагаваў. Работа з ім была вельмі прыемная. Мы неяк надзвычайна лёгка знаходзілі патрэбнае слова ці рыфму. Глебка, як калісьці і Купала, вельмі далікатна правіў тэкст, толькі неабходнае, каб не парушыць тканіны верша.

Бываючы ў мяне на кватэры, Глебка часта чытаў свае вершы. Аднойчы, прачытаўшы, сам сябе пагладзіў па шчацэ і ўсміхнуўся: «А ты ўсё ж нічога, Пятро...» «Пасылка» і «Аб чым спяваюць салаўі...» хвалявалі яго самога амаль да слёз: ён вельмі тужыў па жонцы — Ніне, а ў гэтых вершах якраз з найбольшай паўнатой праявілася любоў да яе. Хвалявалі і самі вершы, і тое, як іх чытаў Глебка.

Сустракаліся мы таксама на з’ездах, на пленумах, у Маскве, у Саюзе пісьменнікаў, і заўсёды я адчувала, што маю добрага і спагадлівага друга, які заўсёды падтрымае, скажа цёплае слова, дасць добрую параду.

Паэзію Глебкі я вельмі люблю за яе шчырасць, глыбіню пачуццяў, за мужнасць і тонкі лірызм. Возьмеш кніжку — і як быццам адчыніш акно ў шырокі свет. Так жыва, ярка адлюстроўваецца жыццё, сучаснасць. Радзіма, народ — усё, што пераплаўляе ў словы і перадае чытачу шчодрая душа паэта.

1976 г.


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан