epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Роздум

Вясна прыйшла — каторы раз ужо

Ў маім жыцці! Дзьме цеплынёю ў вокны,

Хоць краявід закрэслены дажджом,

Хоць каля хат таполі зранку мокнуць.

Чарнее дзе-нідзе апошні друзглы снег,—

Ён у кіпенні вод празрыстых згіне.

Руччы звіняць. Пяюць. Здаецца мне,

Што не было раней такой імклівай плыні.

Гляджу адкрыта ў ясны далягляд.

Прыйшоўшы к новаму высокаму парогу,

Мне азірнуцца хочацца назад,

На ўсю сваю жыццёвую дарогу.

Што там? Там многа золкіх зім гуло,

Сцюдзёных сцюж кіпела нада мною.

Але усё, як горкі сум, сплыло,

Сплыло, як лёд з паводкаю вясною.

І мне так хочацца пад сонцам вёснаў жыць

І працаваць натхнёна разам з вамі,

Чый шлях шчаслівы стужкаю ляжыць,

Каго лічу любімымі сынамі.

Хачу ісці наперад, як і вы,

З народам родным і любімым краем.

Не сорам мне сівое галавы,

Я не адну шчэ песню праспяваю.

А прыйдзе вечар, ціха я засну,

Вас блаславіўшы ў шлях, палёт саколі,

І буду сніць дарогу, і вясну,

І родны край, і рунь на родным полі.

1954 г.


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан