epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Русалкі

Месяц. Ноч. У нізкіх долах туманы зямлю пакрылі,

А над возерам так ціха-ціха дрэўцы шалясцяць,

Ўсё заснула, спачывае ў халадочку летняй ночы.

Зоркі ў небе так спакойна і таемна так дрыжаць.

 

Не ўздрыгне, не скалыхнецца возера гладзь люстраная;

Месяц, зоркі залатыя праглядаюцца у ёй...

І з падводнага палаца пагуляць на сонных хвалях,

Ў бляску месяца купацца вылецеў русалак рой.

 

Мглой сярэбранай адзеты; косы — быццам залатыя;

Вочы сінія, як неба, як бы зорачкі, блішчаць.

Ўсе вясёлы, на лісточках водных лілій пасядалі,

І на месяц пазіраюць, і штось ціха шапацяць.

 

Адна толькі невясёла, твар рукою закрывае;

Стогн пакуты з набалелых вырываецца грудзей;

— Дзе ж, о дзе ты, дарагі мой?! Ці ж не лепей

тут са мною,

На дне возера, жыць вечна, як на свеце між людзей?

 

Ці не лепей тут чуць зоры; на шырокім вод абшары

Вечна толькі весяліцца і без гора вечна жыць,—

Як на свеце праз век цэлы, быццам рыба аб лёд, біцца,

Праз век цэлы працаваці, ў недастатку вечна быць?

 

О прыйдзі, прыйдзі! З табою ўдзень на водных

траў пасцелі

Аж да вечара дзень кожны будзем мы спакойна спаць,

А чуць месяц зноў засвеціць, па люстранай вод раўніне

Будзем лёгка пранасіцца, і купацца, і гуляць!..

 

Да русалак даляцела жальба сплаканай русалкі,

І сарваўшыся, ўсе роем да яе яны бягуць,

А з-пад ног іх, у брыльянты прамяністы пазмяняны,

З шумам пырскі вадзяныя паднімаюцца, лятуць.

 

І, пабраўшыся за рукі, ўсе русалкі лёгкім колам

Каля сплаканай русалкі сталі весела гуляць,—

Да сябе яе прасілі і смяяліся, круцілісь,

Ўрэшце ціхім стройным хорам пачалі яны пяяць:

 

— О, не плач! Не плач, сястрыца, што твой мілы

не прыходзіць.

Прыкажы, і, што ты хочаш, мы ўсё табе дадзім!

Толькі ты аб ім не думай! Во, глядзі: схаваўся месяц.

Хадзі! Разам у палац мы наш падводны паляцім.

І яе за рукі ўзялі — лёгка-лёгка, у такт песні,

Закруціліся, прапалі у халоднай глыбіні.

Сціхла ўсё... І толькі ўдалі спеў русалчын раздаваўся.

І па сонных вод раўніне данасіўся да мяне...

1914


1910; 1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан