epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Рута

У гаршчочак зямлі я даўно ўжо калісь

Кветку руты жывой пасадзіла;

Палівала яе, даглядала яе -

Мая рута надзіва ўрадзіла.

 

Разрасліся кусткі, як вяночкі, лісткі

Аплялі мой гаршчочак наўкола;

Замуж дзеўкі ішлі - з маёй руты вілі

Вянкі дружкі грамадкай вясёлай.

 

Колькі песень тады тут гучала над ёй!

Галасы, як званочкі, звінелі;

А руцяны вянок зелянеў, як той лог,

Патануўшы ў вэлёнавай белі.

 

І хоць рвалі яе, хоць шчыпалі яе -

Маёй руты зусім не ўбывала:

Зелянела яна, красавала яна,

Сіл да росту ёй шчасце давала...

 

Толькі помню я раз, на Вялікдзень якраз,

Да Галіны прыехалі сваты;

Не хацела ісці, ўгаварылі бацькі

(«Малады» быў занадта багаты).

 

З маёй руты сплялі ёй прыгожы вянок,

Многа свечак гарэла ў касцёле,

Маладую ўвялі... а твар белы яе,

Ў тон празрыстай вэлёнавай белі.

 

Вочы чорныя палкім гарэлі агнём,

Вусны, дрогнуўшы, штось зашапталі,

Ці малілася так, ці кляла мо каго,

Затануўшы вачыма у далі.

 

А руцяны вянок у праменнях агнёў

Нейкім радужным бляскам іскрыўся,

Ці то дожджык скрапіў, ці якая раса,

Ці слязьмі маладой ён абліўся.

 

Раптам - Veni Creator - азваўся арган,

Расплыліся бурлівыя тоны,

Хістанулася Галя, збялеўшы, як смерць,

І лягла на каберцы са стогнам.

 

Дарма клікалі дружкі, рыдалі бацькі,

Дарма клікаў жаніх некаханы -

Разарвалася сэрца ў дзявочых грудзях,

Зацягнуліся вочы туманам.

 

Вось з тагошняга дня маёй руты вянок

З дня на дзень вяў і сох штораз болей;

Ці вады неўзлюбіў, ці мо гэтак ён счах

Над Галінчынай горкаю доляй.

 

І цяпер у мяне ён стаіць на акне,

Пачарнелі, завялі галінкі,

А не раз сярод дня заблішчыць штосьці ў іх,

Ці раса, ці то, можа, слязінкі.

 

1914

 


1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 1. Вершы.; Паэма [Аўт. уступ. артыкула Д. Чаркасава]. -- Мн.: Маст. літ., 1981. -- 302 с., 1 с. іл.
Крыніца: невядомая