У гаршчочак зямлі я даўно ўжо калісь
Кветку руты жывой пасадзіла:
Палівала яе, даглядала яе —
Мая рута на дзіва ўрадзіла.
Разрасліся кусткі, як вяночкі, лісткі
Аплялі мой гаршчочак наўкола;
Замуж дзеўкі ішлі — з маёй руты вілі
Вянкі дружкі грамадкай вясёлай.
Колькі песень тады тут гучала над ёй!
Галасы, як званочкі, звінелі;
А руцяны вянок зелянеў, як той лог,
Патануўшы ў вэлёнавай белі.
І хоць рвалі яе, хоць шчыпалі яе —
Маёй руты зусім не ўбывала:
Зелянела яна, красавала яна,
Сіл да росту ёй шчасце давала...
Толькі помню я раз, на Вялікдзень якраз,
Да Галіны прыехалі сваты;
Не хацела ісці, ўгаварылі бацькі
(«Малады» быў занадта багаты).
З маёй руты сплялі ёй прыгожы вянок,
Многа свечак гарэла ў касцёле,
Маладую ўвялі... а твар белы яе,
Ў тон празрыстай вэлёнавай белі.
Вочы чорныя палкім гарэлі агнём,
Вусны, дрогнуўшы, штось зашапталі,
Ці малілася так, ці кляла мо каго,
Затануўшы вачыма у далі.
А руцяны вянок у праменнях агнёў
Нейкім радужным бляскам іскрыўся,
Ці то дожджык скрапіў, ці якая раса,
Ці слязьмі маладой ён абліўся.
Раптам — Veni Сreator — азваўся арган,
Расплыліся бурлівыя тоны,
Хістанулася Галя, збялеўшы, як смерць,
І лягла на каберцы са стогнам.
Дарма клікалі дружкі, рыдалі бацькі,
Дарма клікаў жаніх некаханы —
Разарвалася сэрца ў дзявочых грудзях,
Зацягнуліся вочы туманам.
Вось з тагошняга дня маёй руты вянок
З дня на дзень вяў і сох штораз болей;
Ці вады неўзлюбіў, ці мо гэтак ён счах
Над Галінчынай горкаю доляй.
І цяпер у мяне ён стаіць на акне,
Пачарнелі, завялі галінкі,
А не раз сярод дня заблішчыць штосьці ў іх
Ці раса, ці то, можа, слязінкі.
1912