epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Сакавік

Снег усё засыпаў густа,

Ахінуў, нібыта хустай,

Ўсе палеткі, сцежкі ён.

Спіць пад пухкім снегам поле,

Сніць яно аб новай долі

Свой вясенні, ясны сон.

Сакавік прыйшоў сачысты,—

У бярозе ён бязлістай

Гоніць свой кіпучы сок.

І ў ажыўшых жылах клёну

Сок салодкі, сок зялёны

Да галля уверх пацёк.

Вербы пухам абляцелі,

На вяршыні цёмнай елі

Зноў пупышкі зацвілі.

Залацістая сасонка

Зашумела гучна, звонка

Шум панёсся па зямлі.

Сніцца полю: з кожнай хаты

Выйшаў радасны араты

На калгасны вольны лан,

Лемяхі узнялі глебу,

Каб разліўся — аж да неба —

Збожжа светлы акіян.

1945


1945

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан