epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Сакавік

Сакавік прыйшоў на свет

Новае вясне услед —

Малады ён і прыгожы —

Шле жанчынам свой прывет.

Ён завецца сакавік,

Бо струменіць сок прывык,

Сок жыцця вясновай сілы,

Каб застой зімовы знік.

Ён вясны магутнай сын,

Узарве пласты ільдзін,

Дасць свабоду

Буйным водам

І узрадуе жанчын.

Іх вясновы, светлы дзень

Ў промнях сонечных ідзе —

З пут няволі

К светлай долі

Сакавік жанчын вядзе...

1965 г.


1945

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан