epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Сарвала восень з дрэваў лісце...»

Сарвала восень з дрэваў лісце,

Іх вецер круціць у віры,

Як лёс круціў людзей калісьці

У далёкай, сумнае пары.

А вось не сумна мне сягоння,

Бо, дзе трымаліся лісты,

Пупышкі ў рост сук голы гоніць,

І ён не мёртвы, як кастыль.

Ўсё, што жывое, будзе жыва.

А вецер мёртвае мяце...

Вясною, з новых сіл прылівам

Наш сад магутна зацвіце.

Так і душа... Не дайся болю

І думы гордыя спялі,—

І не загіне, вер, ніколі

Ўсё, што ты зробіш на зямлі.

1966 г.


1966

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан