Меднастволая, ўзняла высока
Кучаравыя, тонкія вецці.
Каб іх песціў ўсхвалёваны вецер
На пярыне пуховай аблокаў.
Хіліць, гібкая, стан свой прыгожы,
І шуміць, і шуміць, і спявае...
А над ёй хмаркі лёгкія таюць,
Каб не засціць ёй сонейка, можа?
І мне сняцца далёкія годы,
Дні дзяцінства. І вёсны і зімы.
Цёмны бор наш... І край мой любімы,
І краса яго дзіўнай прыроды.
1954 г.