epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Шаўкапрад

Шаўкапрад залаты,

І адкуль гэта ты

Столькі сонечных нітак бярэш?

Сам маленькі такі,

А праменняў пукі

Ты няспынна снуеш і снуеш.

— Я ж не сам іх сную:

Гэта існасць маю

Сіла нейкая лье у прамень.

Вылью ўсё і засну,

Каб калісь — на вясну —

Стаць крылатым і ясным, як дзень.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Што не спіш ты, паэт?

Песня льецца у свет,

Вочы смагай агнёвай гараць.

Покуль, знаць, не памрэш,

Ты таксама снуеш

Свае думкі, аж струны звіняць?

— Я пішу і гару

І гарэннем твару

Мае песні, што льюцца у свет.

Бо яснее агнём

Дзень за днём, дзень за днём,

Поўны велічных шчасных пабед!

Не магу я маўчаць —

Струны самі звіняць,

Песня звонкая льецца сама.

Я пяю пра вясну,

А калісь, — як засну,—

Людзі скажуць: ён жыў недарма.

1943


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан