epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Шчаслівыя людзі

Пазнаёмілася я з ім у пачатку Айчыннай вайны. Уладка (Уладзіслава Францаўна Луцэвіч) жыла тады ў гасцініцы «Масква». Пасля работы, вечарам, зайшла я да яе. У яе сядзелі два ваенныя. Гэта былі Міхась Лынькоў і Глебка. Яны прыехалі ў Маскву з фронту. Уладка пазнаёміла нас. Я з цікавасцю ўглядалася ў твары сяброў па пяру, якіх ужо ведала па іх творах.

Лынькоў быў вельмі прыгнечаны і маўклівы. Уладка заказала вячэру, яе прынеслі ў нумар. Аднак ні гаворка Уладкі, ні вельмі мяккая ўважлівасць Глебкі не маглі ажывіць настрою Лынькова. Ён быў, відаць, пад цяжкім уражаннем зняволення Радзімы і адрыву ад яе. Мы ўсе гаварылі пра Беларусь, пра тое, што яна абавязкова будзе свабодная. Лынькоў крышку ажывіўся, і яго кароткія заўвагі краналі нас за жывое. Мы адчувалі, якую моц патрыятызму і любові да Радзімы хавае ў сабе гэты сумны, маўклівы чалавек.

Я доўга была пад уражаннем гэтай сустрэчы. Яны прыйшлі адтуль, дзе вырашаўся лёс нашай Радзімы і ўсіх нас. Яны былі ў самым пекле баёў, я шукала ў іх адбіткаў страшэннай вайны, зарніц пажараў, подыху смерці, якая была там з імі побач, а яны былі такія простыя, звычайныя, можа, крышку занадта завостраныя былі іх погляды, можа, угадвалася гэта ў паглыбленых рысках на тварах, якія наклала на іх перажытае.

Потым я сустракалася з Лыньковым у гасцініцы «Якар» ці ў той жа Уладкі, дзе яна жыла і куды прыязджалі партызаны, калі іх выклікалі ў Маскву. Але гэта былі рэдкія і выпадковыя сустрэчы. У Маскве Лынькоў бываў не часта.

Пасля вайны была ў Мінску на ІІ з’ездзе пісьменнікаў, з захапленнем слухала натхнёнае, узнёслае, красамоўнае выступленне Міхася Лынькова. Тут мне адкрыўся чалавек светлага розуму, вялікай душы, гарачага сэрца.

Пасля выступлення я сядзела з Уладкаю, ён падышоў і сеў побач з намі.

— Костка кажа, што самае грунтоўнае выступленне на з’ездзе — ваша, Міхась Ціханавіч. Яна ў захапленні ад вашага аратарскага таленту.

Лынькоў падаў мне руку.

— Дзякуй за добрае слова,— проста, зычліва адказаў ён.

Потым я бачыла ўжо зусім іншага Лынькова. Ён быў малады, вясёлы, шчаслівы... Гэта пасля таго, як ён звязаў свой лёс з жанчынай цудоўнага хараства, вельмі сімпатычнай і мілай Соф’яй Захараўнай. Я адпачывала ў Каралішчавічах. Туды, да жонкі, прыязджаў Лынькоў. Мы часта сустракаліся, і я была вельмі рада бачыць любімага пісьменніка такім сапраўды шчаслівым, іскрыстым, дасціпным, вясёлым і сардэчным. Адпачываў у Каралішчавічах тады і Якуб Колас. Ён вельмі любіў паліць кастры вечарамі. І мы ўсе з радасцю збіралі па лесе сушняк, а пасля вячэры раскладалі вялікае вогнішча. Увесь дом адпачынку збіраўся каля кастра. Шмат пра што гаварылася, шчыра, дружна: спявалі песні, чыталі вершы, і было вельмі добра і ўтульна.

Помню сустрэчу ў Маскве, на з’ездзе пісьменнікаў СССР. Лынькоў вяртаўся з Асамблеі ААН, дзе ён быў прадстаўніком ад Беларусі. Вельмі хвалявалася Соф’я Захараўна — ён званіў з Парыжа, што назаўтра прыляціць. Па яе вачах было відаць, як любіць яна, як чакае мужа. Потым быў вечар — усе мы сядзелі за сталамі, застаўленымі ўсякімі стравамі. Напроці мяне сеў Лынькоў з Соф’яй Захараўнай. Яны абое аж свяціліся ад шчасця.

— Міхась Ціханавіч,— сказала я.— На гэтым вялікім застоллі самая прыгожая жанчына — ваша Зося.

— А я, а я? — гарэзліва абняў жонку за плечы Лынькоў.

— Абое вы самыя шчаслівыя людзі на свеце,— падняла я чарку.

Мы выпілі. Соф’я Захараўна сарамліва і міла апусціла вочы, а я з лагоднай прыветнасцю глядзела на іх абаіх.

1979 г.


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан