epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Сцямнелі, агрубелі рукі...»

Сцямнелі, агрубелі рукі.

У сетцы дробных зморшчак твар.

Ў цябе ужо праўнукі і ўнукі,

А ты нясеш жыцця цяжар...

Без скарг ідзеш паходкай роўнай,

Як ўсё жыццё сваё ішла.

Ты ўсім патрэбна, безумоўна,

Як промень ласкі і цяпла,

Бабуля! — клічуць цябе ўнукі,

Матуля! — кліча цябе сын...

А праўнук радасныя гукі

Раняе. Ён ў цябе адзін.

І ён за ўсіх найдаражэйшы,

Бо ён, як птушачка, малы,

Бо у цябе ён праўнук першы,

Ляжыць — як лялечка, галыш.

Жыццё ідзе ўсё далей, далей,

След новы на шляху кладзе.

Мы пастарэлі. Мы адсталі...

Як многа маладых людзей!

То ж нашы ўнукі, нашы дзеці,

Вядуць наш шлях, бяруць наш труд —

Каб у вякі яго панесці

На недасяжную гару.

1967


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан