Змяркаецца. Люблю я вельмі гэты час...
Заходзіць сонейка за лесам, за гарою,
Зямлю прамень апошні цалуе яшчэ раз,
Ноч заручаючы цалункам тым з зямлёю.
Імглою шэраю спавіўся ўвесь абшар,
Бярозка шэпчацца з чырвонаю калінай,
На небе выплылі грамады сонных хмар,
Туманы сцелюцца над волкаю далінай.
А месяц залаты праз тоўшчу хмар пралез
І з вышыні сваёй ўсю землю аглядае,
Таемна шапаціць аб чымсь пажоўклы лес
І жудась нейкую на душу наганяе.
Снуецца мар чарод... Плывуць яны з душы,
А з імі і яна у свет нязнаны рвецца.
І страшышся чагось, ў паўцёмнае цішы
То тужыш зноў за чымсь, душа удаль імкнецца
І хочацца не раз, да болю, ўсё ў жыцці
Спазнаць, адчуць самой... Ўзяць шчасце сваё з бою...
Ды к шчасцю нам, відаць, закрэслены пуці,
І ты стаіш адна... Адна з сваёй думою.
З тугой балючаю глядзіш кудысь удаль,
У сэрцы толькі боль знянацку зварухнецца
І зноў замрэ... Ў грудзях ўскіпае нейкі жаль,
А сэрца беднае так хутка-хутка б’ецца.
1914