epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Сэрца, сэрца, ты, можа, заснула?..»

Сэрца, сэрца, ты, можа, заснула?

Цішыня навакола настала,

Не чуваць крыві палкага гула,

Не грахочуць пачуццяў абвалы...

Цішыня...

Можа, смерць гэта,

можа,

Не ачнецца яно ўжо ніколі,

І нішто ўжо яго не ўстрывожыць,

І не будзе ні шчасця, ні болю...

Як спакойна!

Як страшна!

Дарэмна

За акном зноў вясна верхаводзіць,

У якойсьці дрымоце нікчэмнай

Дні і ночы тупыя праходзяць.

Не — о, не!

Не хачу я!

Не буду

Жыць у гэтым застыўшым спакою,

Выбаўлення чакаю я, цуда,

Няхай громам грыміць нада мною,

Хай мяне скалыхне — як бывала —

Хваляваннем да болю гарачым,

Хай і горам вялікім ці малым,—

Толькі сэрца хай б’ецца і плача.

Няхай будуць і шчасце і гора,

Няхай будуць і слёзы і мукі,

А не гэта бяссілле...

з пакорай

Абамлеўшае сэрца і рукі.

1937


1937

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан