epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Сэрца не кіне да смерці балець...»

Сэрца не кіне да смерці балець,

Покуль магілы я той не крануся,

Дзе ты заснуў... Кедр там можа шумець,

Кусцік бярозкі — сястры Беларусі...

З кедрамі там ім няўтульна расці,

Там яны дробныя, ў кволай паставе...

Студзіць карэнні лядовы насціл,

Як ім свой стан серабрысты расправіць...

Як ім карэнні жывыя расціць,

Як прарастаць скрозь лядовыя сцелі?..

Спіш ты спакойна — ў халоднай пасцелі,

Кедр над табою спагадна шуміць.

Другам табе ён, таварышам стаў,

Казкі пушыстыя ціха гамоніць,

Толькі адзін — слёзы раніцай роніць,

Дзёрн над табой каб гусцей прарастаў.

Тут я твар мыю слёз горкай расой —

Спіш ты далёка... А дзе — мы не чулі...

Мне не знайсці...

Хай прырода атуліць

Сон твой гаротны — лагоднай красой.

1945


1945

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан