epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Сэрца стамілася...»

Сэрца стамілася... Сутаржна б’ецца...

Гэтак кульгавы йдзе скраем дарогі,

Йдзе — і баіцца, што калі спаткнецца,

То ўжо не зможа падняцца на ногі.

Сэрца стамілася. Не вінавата

Яно, зашмат перанесці прыйшлося:

Войны, і гора, і боль, і утраты...

Ну, а цяпер? Вось жа шчасце збылося!

Радасць свабоды і праца квітнее.

Бліскае ў вочы вясёлкавым бляскам!

Дзень камунізма праменіста днее...

Сэрца! Яшчэ папрацуй, калі ласка!

Сэрца, яшчэ папрацуй, дай на шчасце

Наша — дасыта душы наглядзецца...

Хай твая слабасць мне сонца не засціць.

...Сэрца пачула...

Стараецца. Б’ецца.

1975 г.


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан