epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Сябрам

Між вас я замала, зарэдка бываю,

Было так да гэтай пары,

А дружба мне ваша душу сагравае,

Вы ведайце гэта, сябры.

Яна мне — як подых натхнення у працы,

Каб тут, паміж вас, я жыла,

Здаецца, высока змагла б я падняцца,

Шырока лятаць бы магла.

Любоўю сагрэлі мяне вы без меры,

Як добрую маці сыны.

І кожнаму слову мне хочацца верыць,

Бо з шчырага сэрца яны.

А чым вам аддзячу? Якое я слова

Узніму з глыбіні пачуцця?

Прысягу, што працы аддаць я гатова

Кароткі астатак жыцця,

Што сэрца агонь, дум крылатых свабоду,

Уліўшы ў песні свае,

Аддам іх Радзіме, аддам іх народу,

Няхай іх у шчасці пяе!

За чэсць быць салдатам у арміі вашай,

За трудны да шчасця паход,

Вазьмі маё сэрца ты, Партыя наша,

І ты, беларускі народ!

1959 г.


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан