epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Сягонняшнія і даўнейшыя

Дзея І
Дзея ІІ
Дзея ІІІ


Драма ў 3-х дзеях

 

Асобы:

Гаспадар — шляхціц, стары ўдавец.

Раман — малады сын яго, які скончыў школу.

Саўковіч , Панкратоўскі — старыя шляхты, госці Гаспадара.

Гануля — сялянская дзяўчына.

 

Дзея І

Дзея адбываецца ў двары Гаспадара. Сталовы пакой; над сталом гарыць

вісячая лямпа, на стале — выпіўка і закуска. Гаспадар і госці

выпіваюць і закусваюць. Раман стаіць ля акна. Вечар. Час летні.

Гаспадар

(наліваючы і падымаючы чарку)

У вашы рукі, паноўе!

Госці

Дай Божа вам на здароўе!

Панкратоўскі

Мёд ваш, відаць, ох, старэнькі?

Гляк, бач, ад моху сівенькі...

Саўковіч

А які колер! Ірдзіцца,

Як тая ў маі расіца.

А як нутро сагравае!

Гаспадар

О! лет за сотню ён мае...

Ды піце ж толькі, паноўе!

(Падымаючы чарку.)

За гасцей мілых здароўе!

Госці

Дай Божа!..

(П'юць і закусваюць.)

Панкратоўскі

(падміргваючы на Рамана)

Пане Рамане,

Шак мёду хіба ўсім стане —

Гляк, бач, вялікі. Хадзеце!

(Наліваючы мёду.)

Ну, да мяне вось прапеце.

Раман

(ад акна)

Дзякуй! Нядобра мне нешта,—

Вып’ю — горш будзе дарэшты:

Штось галава разбалелась...

Саўковіч

Думка якаясь засела.

(Да Рамана.)

Хоць мы ўжо, брат, і старыя,—

Прайшлі ўжо часы нам тыя...

Ды знаем гэта, ох, братка,—

Псуюць вам дзеўкі парадкі

І ў галоўцы, і ў сэрцы,

Пакуль не стаў на каберцы.

(Смяецца. Да старых.)

Скуль яны толькі умеюць?!

Проста дурманем павеюць...

(Дражнячы.)

Вось, як начне вышчарацца,

Бокам глядзець, усміхацца

Ды лезці мухай у вочы,—

Ад мёду горш замароча.

(Да Рамана.)

Ты, братка, іх сцеражыся,

Маладым, бач, не жаніся,

Бо ўжо як з бабай звязаўся,

З жыццём навекі расстаўся.

Раман

(насмешліва)

Дзякуй за раду!

Гаспада р

Жаніцца?!

Э, трэ йшчэ жыць павучыцца,

А то ўсё толькі па кніжцы...

Так стравы збракне у місцы;

За бацькам век не пражыці:

Мне ўжо пара адпачыці.

(Налівае.)

Ну, паны, йшчэ во па чарцы!..

Панкратоўскі

(з усмешкай да Рамана)

За поступ ваш у гаспадарцы!

Ды толькі, пане Рамане,

Вас кніжка болей, бач, мане,

Як валы, коні й кароўкі.

Ну, за здароўе галоўкі!

(П?е.)

Раман

(горка)

Дзякуй! Ды толькі, мой пане,

Мяне ўжо й кніжка не мане.

Саўковіч

Пажджы, як дзеўка якая

У галоўцы думкі зблытае,

Залатым путам акруце,—

Пойдзеш, як конь у хамуце.

Выйдуць «ідэі» з галоўкі,

Будуць валы і кароўкі,

Будзе і грошыкаў многа;

Ўсім гэтаксама дарога.

Гаспадар

Дай Божа! Гэтак і трэба.

Зямлі досць будзе і хлеба...

Ну, піце, ешце, паноўе!

Панкратоўскі

За ўсіх дзевак здароўе!

(П'юць. Раман паглядае

ў акно, ўрэшце

выходзіць у дзверы.)

Панкратоўскі

(да Гаспадара)

Дык вашы, мілы суседзе,

Так недалёка заедзе;

Яму не быць гаспадарам,

Толькі — якімсьці пісарам.

Якіясь новыя йдэі

Яму там горад навеяў:

Ён з мужыком за пан-браты,

Ходзе ў мужыцкія хаты —

Наўкол гавораць так людзі.

Саўковіч

Ён гаспадарам не будзе,

То гэта болей як пэўне;

Маёнтак страціць дарэмне.

Кажуць, што ён з мужыкамі

Вось так, як быццам і з намі;

Руку ім, бач, падавае —

Гэта ж прыкмета благая.

Гаспадар

Я гэта й сам, браткі, бачу,

Ды як жа ж зробіш іначай?

Са мною дзіўна ён скрыты.

Саўковіч

Ды ці ж у цемя ён біты?!

Маёнтак ваш яшчэ, пане.

Як гаспадарыць ён стане,

Тады лад новы пакажа.

Панкратоўскі

Ось, я вам, браце, параджу:

Вы яго лепш не трымайце,

А ў семінар’ю аддайце —

Гэта хлеб лёгкі і пэўны.

Саўковіч

Там — ксёндз-прафесар мой крэўны,—

Вось і пратэкцыя будзе.

Гаспадар

Дайце ж падумаць мне, людзі.

Мо гэта й добра?

Панкратоўскі

Вядома!

Малодшы хай будзе дома,

Ды яму кніжнай навукі

Не шмат даваць трэ ў рукі;

Нашто памешчыку трэба

Зоры лічыць сярод неба,—

Ён не на зорах хлеб сее;

Лепш гаспадарыць хай ўмее.

Саўковіч

Гэта — найлепшая штука.

Нашто ім гэта навука?

Толькі ў галовах мароча.

Гаспадар

А як Раман не захоча?

Саўковіч

(скора)

Ну, а вы ж, браце,— не бацька?

Толькі вазьміцеся хвацка...

Панкратоўскі

Бачыце, справы такія:

Ён нам парадкі старыя

Псуе. Сышоўся з хамамі,

Як бы з якімі сябрамі,

На полі з імі гукае...

Ці ж пану так выпадае?

Так скора жаднай пашаны

Хам мець не будзе для пана.

Ксёндз — гэта іншая штука:

Век будзе з хамам ён гукаць,

А той ў ём бача паў-бога.

Раману гэта дарога

Ў жыццю найлепш надаецца.

Дык ці ж тут слухаць дзіцяці?

Яго няма й што пытаці,

Ці хоча ён, ці не хоча.

Тут бацькі роднага вочы

Ўбачылі шчасце для сына —

Вось і ўся гвалту прычына.

Саўковіч

Пэўне!.. Сын біскупам будзе,

Вось і ты выйдзеш у людзі,

Ці ж не?.. Ён мусіць паддацца,—

Мудра трэ толькі ўзяцца

Хітрыць.

Гаспадар

(горача)

Свет цэлы парушу,

А бацькі слухаць прымушу:

Ксяндзом ён будзе!

Заслона.

 

Дзея ІІ

Стары панскі сад. Пад дрэвам лаўка. На небе свеціць месяц. З-за кустоў паказваецца Гануля.

Гануля

(азіраючыся)

Няма йшчэ! Што ж гэта такое?

Мо здарылася штосьці благое?

Сягоння мяне стара маці

Трымала так доўга у хаце;

Ўжо думала, тут ён — чакае,

Аж не — наша лаўка пустая...

(Паўза.)

Ды прыйдзе Раман мой міленькі,

Саколічак мой даражэнькі;

Ён знае, што жджэ тут Гануля,

Уцёкшы тайком ад матулі.

Мо ён ў кустах дзе схаваўся?..

(Прыслухоўваецца.)

Во шорах якісьці раздаўся.

(Падыходзіць да кустоў

і варочаецца назад.)

Не — пуста — няма там нікога!

(Сядае на лаўку. Задумваецца.)

Вось звёў Бог у адно дзве дарогі,—

Ніколі і ў сне не прысніла,

Ды вось паніча палюбіла,

Раманку майго дарагога...

Вось дзіўная долі дарога!

(Паўза.)

Ды дзіва ж было пакахаці!

Такога з лучынкай шукаці,

Як гляне — што мёдам памажа,

Бы сонцам сагрэе — як скажа;

Вось слухаць і слухаць здаецца —

Так гутарка складна ліецца.

(Паўза.)

Якраз год таму мы спаткалісь:

Я помню — ў дварэ жыта жала,—

Гукаў ён са мной і смяяўся...

Такім мне у сэрцы й астаўся,

Заўсёды такім яго бачу,—

Ды як жа ж быць можа іначай,

Калі ў сне, наяве, дзень з ночай

Стаяць мне ў вачах яго вочы.

(Са стараны двара выходзіць паніч.

Гануля зрываецца.)

О, йдзе ўжо, ідзе мой Раманка!

Не дарма чакала тут Ганка.

(Падбягае да яго.)

Даўно ўжо, мой мілы, чакаю...

Раман

(вочы яго свецяцца каханнем,

прыцягвае да сябе Ганулю)

Выбач мне, мая дарагая...

Ды к бацьку прыехалі госці,

Сядзелі там доўга чагосьці.

Ці, можа, мне ўжо не цярпелась —

К табе ісці, Ганя, хацелась.

(Цалуе яе.)

Мая ты святляная зорка!..

(Паўза; уздыхаючы.)

Ох, мучыць мяне іх гаворка!

Гануля

Мой мілы!..

(Сядаюць на лаўцы.

Гануля кладзе галаву

на грудзі Раману.

Месяц свеціць праз галіны.)

Раман

Ганулька! Кахаеш?..

Гануля

А ты йшчэ аб гэтым пытаеш,

Мой мілы саколік! Мой Божа,

Ці больш хто кахаці ўжо можа?

Ці со сну ўстаю, ці кладуся,—

Табе так, як Богу, малюся:

Ці тку, ці праду лёну жменькі,—

Стаіш ты ў вачах, як жывенькі,—

Забудуся, што і рабіла.

На сэрцы так лёгка, так міла,—

Аж дзівіцца часам матуля:

«Што гэта з табою, Гануля?

Што тут за такая прычына?

Дурэеш чагосьці, дзяўчына».

А я памаўчу, засмяюся,

Ды зноў за работу бяруся.

А ты йшчэ пытаць, ці кахаю?..

Раман

(з дзіўным смуткам

і каханнем у голасе)

Гануля мая дарагая,

Мой светлы праменьчык сонца

Ў жыцця майго цёмным ваконцы!

(Паўза. Горка.)

Пракляты той дзень і гадзіна,

Як пана радзіўся я сынам,.

Як зводнай навукі туманы

Зацьмілі мой свет счараваны,

Даўнейшую веру забралі,

А новай — ні ў вошта не далі!..

Бывала, шапталі мне зоркі

Знаёмыя сэрцу гаворкі,

І сніўся ўгары мне дом Бога

З праменнай малочнай дарогай,

Палёў шыр, луговы каберцы —

Наўкол ўсё так блізкае сэрцу...

Сягоння усё ўжо іначай —

У іншых калёрах ўсё бачу.

Гануля

Чаму гэта, мілы?

Раман

Бо былі,

Бач, людзі, што думаць вучылі;

Мне веру старую забралі,

А ўзамен нічога не далі.

Гануля

Ты, мілы Раманка, сын пана,

Разумны ты, адукаваны,—

Не ўсё я пайму, што учую,

Ды бачыш, я гэтак мяркую:

У Бога ліш верыць нам трэба,

Што мае свой дом сярод неба,

Што месячык даў залаценькі,

Каб нам ён свяціў, найміленькі;

Даў сонца праменне, каб грэлі,

Даў птушкі, каб песні нам пелі;

І зоры, што ноч запаляе,

Рука яго ў небе святая,

Каб дзе не блудзіў падарожны...

Глянь, кожную траўку, куст кожны

Усё гэта даў добры Бог з неба,

За тое кахаць яго трэба.

Раман

(цалуе галаву Ганулі)

Мая ты галубка малая,

Гануся мая дарагая,

Чаму ж я не маю той веры?

Чаму ж мой свет гэтакі шэры?

Як гляну я розуму вокам —

Так неба не бачу высока,

Абшар там, як сажа, так чорны

Раскінуў хтось дзіка праворны,

А зоры у гэтым абшары

Палаюць адвечным пажарам;

Іх хтось запаліў там адвеку,

Нашто? — знаць не даў чалавеку.

І дарма на загадкі свету

Даём мы разгадкі ўсё гэты,

Бо мром, не згадаўшы нічога...

Там блудная вельмі дарога.

Гануля

Ды як жа гаворыш ты, мілы? —

Ўсё гэта нам боская сіла

Дала, што на свеце мы маем.

Раман

Не, Ганка мая дарагая!

Ўсё, гэта ўжо быўшы ад векаў

Зрадзіла з сябе чалавека.

Гануля

(абдымаючы яго)

Ты дзіўна гаворыш, Раманка,—

Не пойме цябе твая Ганка...

Раман

Хай, Ганю, душа маладая

Твая лепш аб гэтым не знае;

Ўсё гэта не дасць нам нічога,

Ліш будзіць у думках трывогу...

Я часам хачу так забыцца

Ўсяго, чаму мусіў вучыцца

І жыць, як той люд наш вясковы,

Спакойны, вясёлы, здаровы,—

Ніводная думка благая

Яму сну з вачэй не зганяе;

Хоць гора часамі акруціць,

Хоць голад, хоць холад дакучаць,—

Яго дух, як тая крыніца,

Бурлівай вадой не бурліцца.

Яго боль — то верхнія хвалі

На рэчкі спакойным крышталі;

Як хвалі — і ён так праміне,

Не змуціўшы вод на глыбіні,—

Дый зноў з ціхай моцай струіцца...

А іншы ёсць дух, як крыніца:

З нутра яго бурны патокі

Лятуць, грымяць хваляй высока,

Пакуль унутры сіл хапае;

Няма іх — і ўсё замірае,

І гіне жыццё чалавека...

Так ёсць, і так была адвеку.

(Паўза. Спакайней.)

Мяне да вясковага люду

Дух цягне іх — вольны ад жуды;

Яны не цікуюць нічога —

І простая ўсюды дарога:

«Усё даў нам добры Бог з неба.

За тое кахаць яго трэба».

Ім свет аб сабе сам гавора.

Гануля

Ты кажаш: няма у іх гора,

Раманка міленькі. Дарэмна:

Яны больш паноў церпяць — пэўна.

Ці ёсць горшы боль, калі ў хаце

Няма куска хлеба дзіцяці;

Калі ў вачах чахне дзіцятка,

Ці ж мала цярпіць тады матка?

Раманка! Ты толькі не бачыў:

Слязьмі яны горкімі плачуць.

Паны?.. Усяго ім хапае,

З іх голаду жадзен не знае.

Раман

Бач, Ганю: ёсць голад дваякі:

Адзін — яго знае усякі,

Хто хлеба у хаце не мае;

Другі — яго той толькі знае,

Хто духам з зямлі адарваўся —

Да неба ж высот не дастаўся.

Ды знай, хто раз неба убачыў —

К зямлі не паверне іначай,

Як з голадам страшным ў душы,

Што мозг, душу, сэрца ўсё ссуша.

Гануля

Ты сумны чагось, даражэнькі!

Чаго, мой саколік міленькі?

Чаго? — Раскажы ўсё Ганулі.

Ці госці так думкі папсулі?..

Лепш кінем мы гутарку гэту;

Што нам да людзей, што да свету?

Ў цябе, мой міленькі, ёсць Ганка,

Ў мяне ж — мой саколік Раманка,—

Ці ж гэтага нам не хапае?

Раман

(горача тулячы яе да сябе)

Ты зорка мая залатая!

(Цалуе яе.)

Заслона.

 

Дзея ІІІ

Дом вясковай плебаніі. У кабінеце на сафе ляжыць Раман — ксёндз з кніжкай у руках. На твары яго чырвоныя плямы сухот. Кашаль раз-пораз прарывае цішыню; вочы блішчаць гарачкай. Раздаецца званок — уваходзіць доктар.

Доктар

(жартаўліва)

Як маемся!

(Падае руку.)

Ўжо вы адзеты?

Не надта, каб добра нам гэта;

Каб смела ўжо можна устаці,

Даўжэй трэ было б паляжаці.

Раман

(неахвотна)

Скажыце мне, пане, на што вы

Мне сілай кладзеце аковы

Жыцця? — Так яно дагарае.

(З раздражненнем.)

І сам ты надзеі не маеш,

Каб я быў здаровы.

Доктар

(з сілай)

Маўчыце!

Вось лепей мне пульс пакажыце.

(Бярэ руку Рамана і глядзіць на гадзіннік

твар доктара пахмурнее.)

Раман

(з усмешкай)

Ну што — нецікавыя весці?

Доктар

(нехаця)

Не-е-е!

(Жыва.)

Болей трэ толькі вам есці.

І свежага воздуху многа.

Раман

(горка)

Ха-ха-ха! Й болей не трэба нічога?

І гэта здароўе даць можа!

(Счэплівае рукі.)

Эх, Божа ты, мілы мой Божа!..

(Да доктара )

А што ж мне дасць ваша навука?

На хворай душы маёй мука...

Боль сэрца... Тут хіба ўжо, пане,

І вашай навукі не стане!..

Дзе ж лекі, ўняць каб мучаніну

Душы ўсёй, хваробы прычыну,

Што зводзіць жыццё да астатка!..

(Горача.)

Ты лечыш з канца не з пачатку...

(Бяссільна апускаецца на сафу.)

Доктар

(спакойна, не слухаючы)

На станцыю высланы коні:

Сястра міласэрдзя сягоння

Прыедзе. Вам трэба дагляду,—

Яна тут вам скора дасць раду.

(Раман махае рукой

і адварочваецца.)

Ну, мне ўжо пара! — там чакаюць:

Сягоння работы шмат маю.

Вы лішне не мучцеся мовай,—

Больш ешце.— Ну, будзьце здаровы

(Падае руку і выходзіць.

Раман устае і звольна

пачынае хадзіць па пакоі.)

Раман

(адзін)

Разбіўшы жыццё — й з тых астаткаў

Жыцця стварыць хочуць пачаткі.

(Смяецца горка,

пасля счапляе ў роспачы рукі.)

Сам болей нічога не маю,—

Чаго ж ім яшчэ не хапае?

Жыццё толькі-толькі што тлее;

Ўсе чыста разбіты надзеі,

Ўсё згасла — яны ж на тым зглішчы

Развесці йшчэ хочуць вагнішча.

Так дроў там няма ўжо, эх, людзі!

Так попел гарэці не будзе...

А бацька ў смяртэльнай гадзіне

Хацеў бачыць біскупа ў сыне,—

Ды ўбачыў ліш плямы во гэты.

(Паказвае на твар.)

Мест біскупскіх строеў, ф’ёлетаў,—

Сканаў, як бы жоўці напіўся,—

Так твар пачарнеў, выкрывіўся.

Няшчасны, сваімі рукамі

Скапаў сыну роднаму яму,

І сам, бедны, лёг у магілу:

Крыж стаў у канцы не пад сілу

І сэрца ў грудзях разарвалась,

Зашмат, відаць, слёз там набралась!..

Бяздольны!..

(Ходзіць нервова па пакоі;

у вачах паяўляюцца

непрытомныя бліскі.)

Татуля! Ўраз сына

Ў жалобнай убачыш краіне.

На гэтай бяздольнай зямліцы,

Стаючы ў парозі грабніцы,

З табой прымірыцца ён хоча;

За ўсё — за бяссонныя ночы,

За душу маю катавану,

За мукі Ганулі каханай,

За слёзы жаўцёвай гарычы,

Каторых сам Бог не паліча,

За моладасць ўжо разбітую,—

Татуля, за ўсё я дарую!

Суддзёй табе сын твой не будзе,

Хай лёгка Хрыстос цябе судзе.

(Апускаецца без сіл на сафу

з глухім стогнам. Раздаецца званок,—

уваходзіць сястра міласэрная —

Гануля. Раман падымаецца

з сафы і адкідаецца да сцяны,

гледзячы на кабету

непрытомнымі вачыма.)

Гануля

(падыходзячы; дрыжачым голасам)

Не бойся, мой мілы,

Не труп я з магілы,

Хоць белы мой твар, як мука;

Хоць вочныя ямы счарнелі

Хоць вочы углыб паўпадалі —

Цябе, бач, усё выглядалі —

Хоць раз яшчэ ўбачыць хацелі;

А чым ты адходзіў далей —

Яны западалі глыбей,

Пакуль не запалі углыб.

(Працягвае рукі.)

Даткніся,— мая вось рука

Хай скажа табе, што не труп

Прыйшоў да цябе із магілы...

Не бойся, мой мілы!

(Падыходзіць.)

Чаго ж ты ўвесь пабялеў?

Дрыжыш, як у полі асіна.

(Раман апіраецца аб сцяну.)

Гануля

(да сябе)

Хістаецца — ён абамлеў...

Божа! Ўсяму я прычынай.

(Да Рамана.)

І ты, ты баішся мяне?!

Раман

(непрытомна)

Га! прошласці труп — белы труп!

Гануля

(горка)

Я — труп? О, не, мілы мой, не!

А труп мо, дык іншы — не з тых,

Што ў маці-зямельцы ляжаць,

А іншы — із трупаў жывых,—

Нярэдка іх можна спаткаць.

Яны не ў магілах гніюць,

А носяць магілы ў сабе,

Схаваны ў грудзей ўласных глыб

Раман

(таксама)

Цябе ж гэта бачу, цябе?!

Мест словаў — атрута струіцца

З глыбокай-глыбокай крыніцы

Душы...

Гануля

О! Ўглыб той душы

Палохайся ты заглядаць:

Там енкі, там стогны чуваць;

Яны — горш магільнай цішы,

Там сэрца, запёкшысь ў крыві,

Счарнела горш гробаў цямні.

Пад векам — пакрыўкай труны —

Сто раз дух ачнецца жывы

І сто раз сканае ізноў,

Не вынесшы болю свайго.

Раман

(таксама)

Чые ж гэта словы, каго?..

Кроў брызгае гэтак балюча

І паліць пажарам пякучым

Душу маю... Хтосьці гавора,

А словы агнёў цэлым морам

Ліюцца...

Гануля

(апрытомнеўшы)

Раманка!..

(Бярэ якісь пузырок з лекамі і,

кідаючыся да Рамана з плачам,

стараецца апрытомніць яго.)

Раман

(таксама)

Хтось плача...

(Гледзячы на яе.)

Гануля, цябе ж гэта бачу?

Ах, помню... Слоў страшная сіла

Вужакаю дух акруціла...

Гануля

(падтрымліваючы яго; з роспаччу)

Раманка!..

Раман

Труп прошласці смутнай, труп белы

Устаў із магілы спляснелай;

Мест словаў атрута струіцца

З глыбокае сэрца крыніцы,—

Агнямі мозг паліць... гарыць...

(Падае і млее.)

Гануля

О Божа!.. Канае... Раманка.

Ачніся! То я, твая Ганка!..

Ачніся!.. Га...

(Валіцца на грудзі яго.)

Заслона.

1914


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан