epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Сібір

Сібір, Сібір, суровы край, багаты,

Разлівы рэк, вышыні скальных гор,

Былінны стэп з травою непрымятай

Глядзяцца ў неба завадзі азёр...

 

Тайга, тайга — шырокая, як мора,

Над ёю зважна плаваюць арлы.

Чыгункі нітачка у тых прасторах —

Ў бязмежнай шыры —

дробны штрых малы.

 

Было — мы ехалі і днём, і ноччу,

А паравоз, кідаючы гудкі,

Бадзёрыў нас і быццам заахвочваў —

Нас, не прывыкшых к далям трас такіх...

 

Тут моладзь, рук і сэрца ўклаўшы сілу

У аднаўленне роднае зямлі,

Адвечнай цаліны пласты ўзвіхрыла,

Каб сёння хвалі збажыны плылі.

 

З усіх рэспублік везлі эшалоны

Гаспадароў Сібіры, не гасцей,

Юнацтва наша, камсамол натхнёны,

Найлепшых нашых слалі мы дзяцей!

 

Красуйся, край багаты і прывольны!

Красуйся славай працы, камсамол!

Шчаслівы людзі, на банкет застольны

Радзіме дзеці з ніў сібірскіх, вольных

Багаты каравай кладуць на стол.

1966 г.


1966

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан