epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Скарбы

Вось чаго ў жыцці я не зраблю ніколі:

Не прадам я сэрца, не прадам я волі,

Не прадам я песні...

Хоць бы мне за гэта

Каля ног злажылі скарбы ўсяго свету.

Я жыву без лішку...

Многа мне не трэба:

Маю свой прытулак і кавалак хлеба.

Дык нашто мне скарбы, хоць і ярка свецяць,

Што рабіць мне з імі і куды іх дзеці?

Ёсць у мяне скарбы...

Іх ніхто не бача...

Гэта: калі вочы з радасці заплачуць,

Гэта: калі песня цераз край пальецца,

Гэта: калі сонца ў вокнах засмяецца,

Гэта: калі кветкі пах раняюць кволы,

Калі шчасце раптам льсніцца навакола

І гарачай хваляй затапляе грудзі,—

У мяне такія ёсць, былі і будуць...

1945


1945

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан