epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Сказалі мне, што вы мяне хвалілі...»

Сказалі мне, што вы мяне хвалілі

Далёка ад Радзімы, за мяжой...

Над Мюнхенам у неба дахі ўзмылі...

Што я для вас,— для тых, што рубяжом

Ганебнасць здрады ад суда закрылі?

Што я для вас?

Вам век не зразумець,

Што не чужая дзеліць нас граніца!

Калі судзіла доля песні пець —

З усім я светам рада падзяліцца

І песняй сэрца, і душы уздымам,

А — толькі, не! Не з ворагам Радзімы!

Таго, што ймкнецца ў сэрца нож упхнуць

Маёй любімай маці-Беларусі,

Хто ў горкі час бяды яе — так хлусіў,

Так ладзіўся закрыць ёй к шчасцю пуць,

Хто і цяпер там, за мяжой, імкнецца

Для ўласных, гнюсных, нізменных выгод

Прадаць сваю Айчыну і народ,

Хто скрыўдзіў здрадай родную зямлю,—

Якую я усёй душой люблю,—

Таго я асуджаю гнеўным сэрцам

І песню з ім вавек не раздзялю!

1967 г.


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан