epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Шлях мой крамяністы

Можа, гэтага і не было,

Можа, гэта сэрцу толькі сніцца;

Поле канюшыны расцвіло

Ля празрыстай, як крышталь, крыніцы.

Там звінела тоненька вада,

Пах такі стаяў наўкол настойны!

Мне і сёння ясна ўсё відаць —

На тым полі, роўным і спакойным...

А які цярністы выпаў шлях

Стуль! Мне ўспомніць сёння нават горка.

Ці то зрок мой прытупіўся зоркі,

Ці знясілеў крыл маіх размах?

Ці прыстала я... Гадоў не мала

З той пары да нашых дзён прайшло,

Ўспомніш і спытаеш: ці было

Тое, што мне сілы надарвала?

Можа, ў нейкім недарэчным сне

Мне прысніўся шлях мой крамяністы —

Ад той светлае крыніцы чыстай?

1972 г.


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан