epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Слава рабочым рукам!

Слава рабочым рукам,

Слава народу!

Слаўся ў вяках,

Слаўся ў вяках,

Творчая сіла свабоды!

 

Семдзесят трэці ідзе —

Уладныя крокі кладзе

У нас ад сахі — да ракеты!

Брацця! Браты! —

Вось я — і ты,

Мы памятаем пра гэта.

 

Калі б не спынялі нас войны

Мы б і на Марсе маглі

Быць з наваселлем!

І на другія планеты

Нас бы данеслі ракеты.

 

Родны народ, слава табе!

Семдзесят трэці ідзе

У барацьбе,

У гордым, натхнёным палёце,

У нечуванай рабоце.

 

Нікому нас не дагнаць!

Узнёсласць мастацтва.

Творчасць рабочых рук.

Дружба і брацтва.

 

Дзе? Ну скажыце мне, дзе

Радасць жыцця так цвіце?

Семдзесят трэці ідзе.

 

Шчасце высокае мы

Узялі ў змаганні.

З старое Расіі —

Горкай народаў турмы —

СССР вывелі мы

У вечнае радасці ззянне!

 

Вось як было,

Як ёсць,

Як будзе.

У нас расцвіла маладосць,

У волатаў выраслі людзі!

1972 г.


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан