epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Шмат дзён прайшло

І. А. Ю.

 

Шмат дзён прайшло,

а ўсё ліста няма...

І год прайшоў, а я усё чакаю,

І вось яшчэ мінаецца зіма

З тых пор, як ты застаўся ў родным краі.

А ўчора раптам чую я:

«Таварыш Ю. у Н. зрабіў засаду.

Узяў штаб ворага,

шмат знішчыў гадаў

І страт не меў»...

А буква «Ю» — твая!

І сэрца палка б’ецца...

Гэта ты!

І дух займае радасцю жывою,

Хоць не даходзяць да мяне лісты,

Дайшла вось слава роднага героя...

І вестка не выходзіць з галавы

І моц дае не верыць снам трывожным.

Таварыш Ю!

Мой любы!

Многа можна

Сцярпець... Вось толькі б ведаць:

ты — жывы!..

Але, жывы...

І там, на Беларусі,

Ты з ворагам вядзеш суровы бой.

Хай перамога будзе за табой!

Туды учора паляцелі гусі,

Я кінула ім палкі мой прывет,

І данясці яго табе казала,

І ўслед ім доўга хустачкай махала,

І з зайздрасцю глядзела ім услед...

Хачу быць там, дзе буйныя разлогі

Ляглі маёй радзімай стараны.

Яе шырокія ланы

Мае дзяціныя тапталі ногі...

Дышала поле цеплынёю жыта,

І канюшына полымна цвіла,

І, быццам мёд там быў разліты,

Такі ў паветры пах стаяў...

І лён ірдзеў, як неба сіні,

І бульба з кветкай — дым сярнічкі,

І грэчка — мілая дзяўчына

З ружовай хусткай і спаднічкай.

Не можа дол дабра змясціць,

Расце ўсё буйна і шырока,—

Прыемна сэрцу, шчасна воку...

Дзе край такі яшчэ знайсці?

А лес!

Такі прыгожы лес

Быў толькі там, на Беларусі,—

Густы, раскідзісты навес,

І промень там не пройдзе, мусіць.

Чарніц, пазёмак і грыбоў —

Рві, еш, збірай, хто колькі хоча...

Ручай журчыць, пяе, клякоча,

Размыў сабе шырокі роў,

А корні дрэў, як пальцы дзеда,

Крапчэй ў зямлю забітых свай,

Ўшчамілі поўзкі — рыхлы край,—

Ад хваль бурлівага суседа...

Калыша сонца зорны шлях

Праз гушчу, жоўтаю імжою,

І кадзіць лес настойны пах

Грыбамі, лісцем і смалою.

Хто бачыў пекнасці той дзіва,

Хто знае наш багаты край,

Папаў бы і ў сапраўдны рай,

То й там не будзе ён шчаслівы...

Далей, на ўзгорку, на адхоне,

Ты помніш?.. Хаты і сады,

Цяляты носяцца ў загоне,

Гусей і качак ля вады —

Як белы снег апаў на выган,

Як белы снег ваду пакрыў,

Аж звон стаіць ад іхніх «гы-гы»,

«Ква-ква», «шу-шу» і свісту крыл...

Кудахчуць куры, пахне мёдам,

Гарачым хлебам пахне дым,

Нясецца пах бліноў густы

І верашчакі смачны водар...

Бо жыў багата наш народ,

Меў многа хлеба, сала, мяса,

Быў поўны свіран у калгасе

І напаўняўся з году ў год.

А песні! Дзе такія песні?

Вынь сэрца і на ім зайграй...

Дзяўчаты, кветкі, росны май,

Хлапцы, як клёны упрадвесні...

А маладзіцы! А дзядзькі! —

І ростам, і дародным станам,

Усім узялі!

Гаваркі

З іх кожны, з розумам, рахманы,

Душа спагадная з лагодай

І погляд з мяккай цеплынёй.

Зраўняю з неба глыбінёй

Душу я роднага народа.

Мой родны край!

Ўсім сэрцам я з табою...

Усё жыццё табе я аддаю.

Во — партызан з гарачай галавою,

З агнёвым сэрцам ён — таварыш Ю.,

Што штаб варожы з бою ўзяў асадай.

Раней, як штаб, маё ён сэрца ўзяў!

Хто, дзе, калі так горача кахаў,

З такою сілай і такой уладай?

Так толькі ён адзін умеў кахаць,

Мой вольны сокал, смелы, яснавокі,

Такі прыгожы, як той дуб высокі.

Як ад такога весткі не чакаць?

Я аддала яго табе, Радзіма!

З маім я сэрцам разам аддала,

З жыццём і шчасцем...

Ўсё праходзіць міма...

Душа мая!

І ты за ім пайшла...

Мы тут абое: ты і я...

Ты край бароніш ад напасці,

Народнае бароніш шчасце,

І пры табе душа мая.

Былога шчасця тут цяпер няма,

Дым чорны пад чырвоным небам ўецца,

Усюды ямы —

ямы ад гармат,

Ад бомб, ад мін...

Пыл на зямлю кладзецца

Сівы, сухі... Там, дзе стаяла жыта,

Дзе канюшына полымем цвіла,

Цяпер усё счарнела, ўсё пабіта,

І коміны адны уверх тырчаць.

Сляпыя вокны абгарэлых хат

Глядзяць на выдмаў чорныя разлогі,

І мерцвякі чужыя ля дарогі

Ляжаць паміж пакінутых гармат...

Няхай дарэмна іх дамоў чакаюць,—

Спагады к ім ніяк не разбудзіць!

І чым іх больш тут у зямлі ляжыць,

Тым большую я радасць адчуваю...

Грабежнікі, гвалтоўнікі, бандыты.

Хто клікаў іх? Чаго ім трэба тут?

Знайшлі свой страшны, жудасны «капут».

Чужым дабром цяпер навекі сыты...

Чужое неба ў вочы ім глядзіць,

Зямля чужая трупаў не прымае,

І вараннё тут цэлы дзень кішыць,

Хаўтуры ім крывавыя спраўляе.

Ды сноўдаюць балотныя вужы,

І смокчуць кроў, і ў чарапы залазяць...

Хай вобраз гэты тым у сэрца ляжа,

Хто йдзе яшчэ на нашы рубяжы...

Таварыш Ю.!

К табе апошні сказ,

Занадта доўгай робіцца паэма,

Ды вельмі палкая узята тэма,

Я да яе вярнуся шчэ не раз...

Таварыш Ю., ад воражай напасці

Цябе заслоніць верны вобраз мой...

Ідзі, мой родны, ў правы бой!

Любоў мая дасць моц і шчасце...

Наш бор стары табе стаў цёплай хатай,

Цябе укрыць ад ворага ён рад,

Такіх, як ты, арлоў там ёсць багата,

Такіх, як я, жанчын таксама шмат.

Дык перадай ім мой прывет гарачы

І подых вольны братняй стараны.

Над ворагам хай воран крача,

Для нас усходзе час ясны,

То час вялікай перамогі,

То час свабоды, шчасця час,

Прыцьміўся ён, але не згас,

Ён нам асвеце ўсе дарогі...

Мой родны, любы мой,

Таварыш Ю., і зноў у родным краю

Наш будзе дом...

І прыйдзеш ты дамоў,

А дома...

Я цябе чакаю...

1942


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан