epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Снег

Снег, пуховы і ціхі, зямлю атуліў —

Ад раскідзістых стрэх да разложыстых ніў.

Усё чыста, святочна, і пахне сасной —

У паветры празрыстым духмяны настой.

 

Цішыня — ажно сэрца не можаш суняць;

Толькі кропелькі дзесьці ў застрэшшы звіняць;

Што ж, за комін зіме не схавацца — са стрэх

Капяжамі сцякае растоплены снег.

 

Добра мне пасля працы прысесці ў той час,

Калі ў печы агеньчык яшчэ не пагас,

І ў глыбокай, спакойнай вячэрняй цішы

Лёгка мары аб шчасці снуюцца ў душы.

 

Мне здаецца тады, што і ў той старане,

Дзе калісьці матуля расціла мяне,

Ты цяпер гэтаксама ў задуме застыў,

І ў табе — спіць рачулак вясенні разліў!

1959 г.


1951; 1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан