epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Старасць

О старасць! Я цябе не клікала, не, не...

Дык што ж ты паплыла, павісла чорнай хмарай?

І страшыш ты мяне, як прывід грозны, старасць,

І безнадзейнасцю сціскаеш сэрца мне.

 

Жыву я ў поўны рост. Мяне хвалююць мары,

І песні я пяю аб шчасці, аб вясне.

Чаго ж ты дамагаешся? Чаго ты хочаш, старасць?

Чаму панура так глядзіш у вочы мне?

 

Прыйдзі пазней!

Прыйдзі, як восень залатая,

Адзеўшы ў золата і дрэвы і палі,

Прыйдзі, багатая высокім ураджаем

З пражытых мною дзён, што ў словах расцвілі...

 

І будзеш ты тады прыемнай і прыгожай,

Усё, што зроблена, я ўвосень падлічу,

А сэрца скажа мне — што, колькі захачу,

На столькі я магу здабытае памножыць.

 

Бо шмат яшчэ імкненняў у душы,

Хвалююць душу мне жаданні і надзеі,

Цікавяць радасна дзён сённяшніх падзеі,

І многа важных спраў мне трэба завяршыць.

 

Дык ты ідзі сабе — і не чапай мяне...

Сыдзі з вачэй маіх! Сплыві па ветры хмарай!

Зарана ты ідзеш, павер, зарана, старасць,

І я цябе зусім не клікала. Не, не!

1959 г.


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан