epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Стуліць бы вочы і заснуць...»

Стуліць бы вочы і заснуць.

А сон бяжыць з павек стамлёных.

А думкі быстрыя плывуць,

Як хвалі жыта праз загоны.

 

Чамусьці тое, што было,

Чапляецца — і сэрца раніць.

Усё іначай быць магло,

Перарабіць бы ўсё дазвання.

 

Аж цяжка часам: ўсё — не так,

Не так жыла і гаварыла,

Кагосьці скрыўдзіла няўзнак,

Няшчырых дружбай адарыла...

 

А потым — горыч дружбы той

Пякла душу удзень і ўночы...

У сэрца шчырае ніхто

Няшчырага пусціць не хоча.

 

А там — дабро зрабіць магла

І не пакрыўдзіла б нікога,

Ды ленасць душу абняла,

Ахутаўшы яе знямогай.

 

І паддалася ёй на час,

А час прайшоў — і радасць знікла...

Агонь спагады шчырай згас,

А ці такой я быць прывыкла?

 

Валтузіць душу успамін,

Памылкамі мне коле вочы.

Заснуць не дазваляе ўночы

Настырны, непатрэбны сплін.

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан