epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Свішча вецер, круціць вецце ліпам...»

Свішча вецер, круціць вецце ліпам,

А яны згінаюцца і ўюцца,

Кружацца лісты з нямым усхліпам,

Як жывыя, з рук віхуры рвуцца.

 

Кроплі буйныя загаманілі цяжка,

Барабаняць градзіны па стрэхах,

І віхор здзірае з ліп сярмяжкі

З нейкаю бязлітаснай уцехай,

 

Лісце абрывае, вецце кружыць,

Бачу я — і неяк мне балюча:

Ліпа, як і сэрца,— горка тужыць,

Калі лёс яе бязглузды мучыць.

 

Мы таксама гнуліся ад болю,

Мы таксама зведалі віхуры,

Толькі мы адолелі нядолю —

Наша сонца болей воч не жмурыць.

 

Лівень зашумеў — густы, грымотны,

Захлынуўся вецер у патоку...

Лашчыць ліпы цёплы душ пяшчотны,

Яны дышуць лёгка і глыбока.

1964 г.


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан