epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Сынок мой родны, сын мой любы...»

I
II


I

Сынок мой родны, сын мой любы,

Прайшлі твайго дзяцінства дні.

Твар пасмуглеў, акрэплі губы,

У строгім поглядзе — агні.

 

Натхнёна расцвіло аблічча,

Стаў гібкім і прыглядным крок.

Жыццё цябе наперад кліча

І рассцілае шмат дарог.

 

II

З работай спалучы навуку,—

Работа таленты разбудзіць,

Ўзмужнеюць галава і рукі,

І шлях знайсці памогуць людзі.

 

Ты з маладой і прагнай сілай

Ідзеш бацькам сваім на змену,

У патоку бурным, сын мой мілы,

Будзь хваляй! Не на хвалі — пенай.

1964 г.


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан