epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Сыплецца снег. Неба шэрае звісла...»

Сыплецца снег. Неба шэрае звісла

Нізка, на змоўкшыя стрэхі...

А каляндар роніць нудныя чыслы,

Дзён зачышчаючы вехі.

Ў прошлае гоніць іх мутная хваля

Часу, без жалю і страху.

Сонца не бачылі, шчасця не зналі,

Йдуць — як злачынца на плаху.

Сумна глядзець на іх шэрую змрочнасць

І на прысуд іх ганебны,

Мець я хачу асіянныя вочы

Бляскам шыротаў паднебных.

Ветры хай зносяць тужлівыя мрокі

Злоснай, бяздумнай замеці...

Сэрцам лаўлю шчасця звонкія крокі...

І — дажыву, каб сустрэціць!

1967 г.


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан