epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Шырокі шлях пралёг паміж палёў...»

Шырокі шлях пралёг паміж палёў,

Над ім шуміць тугім калоссем жыта.

Багаты край наш плоднаю раллёй —

Як поўна зернем каласы наліты!

 

На жоўтым фоне поля — дзе-нідзе

Цямнеюць кроны густалістых яблынь.

Схаваўся ствол — і быццам шар брыдзе

І ножкі тонкія яго аслаблі.

 

Вятрам не скалануць цяжарны лан,

І ён стаіць спакойна, нерухома,

Як золатам наліты акіян,

Што дыша спёкай і пахучай стомай.

 

Жаўронак шэры нада мной павіс,

Трапечацца маленькімі крыламі

І сыпле тонкія званочкі ўніз

Над соннымі тугімі каласамі.

1960 г.


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан