epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Так бывае, хоць, бадай, не часта...»

Так бывае, хоць, бадай, не часта:

Глянеш навакола светлым зрокам,

І ў вачах устане гай купчасты,

Быццам ён тут, побач, недалёка,

І пагорак ўзнімецца зялёны,

І дарога ўзгорак той прарэжа...

Быццам след жывы, не запылёны,

На дарозе бачыш — новы, свежы,

І табе да болю трэба ведаць,

Хто ішоў, куды, з якім настроем...

Чым звязаў той след цябе з сабою?

Што чытаеш ты па тому следу?

Што шукаеш? І чаго ты хочаш?

Думка быццам апаляе вочы,

Быццам жарам налівае грудзі...

Побач мы жывём. Жывыя людзі.

А як мала дадзена нам ведаць

Аб усіх — за кім ідзём па следу...

1967 г.


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан