epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Такі ты быў, такі ты ёсць...»

Такі ты быў, такі ты ёсць...

Цябе ніколі не забуду.

Са мною ты — заўсёды, ўсюды,

Як спадарожнік, а не госць.

Люблю і веру... Вер і ты

І не пытайся, ці любіла...

З тых дзён юнацтва залатых

Ты быў мне блізкім, быў мне мілым...

Няхай сабе не разам мы,

Так нам судзіла наша доля.

Хоць розныя у нас дамы,

Яны не дзеляць нас ніколі.

1968 г.


1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан