epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Там, дзе спелі журавіны...»

Там, дзе спелі журавіны

На падушках моху белых,

Ганабобель рос палынны

Паміж купін пасівелых;

 

Дзе дрыгва ў паўсне ляжала

Пад пялёнкаю туманаў,—

Там мой ранак я вітала,

Мой жыццёвы, трудны ранак.

 

Ў лесніковай беднай хаце,

Як пралеску напрадвесні,

Гадавала мяне маці,—

Пушча нам спявала песні.

 

Мы хадзілі ў журавіны,

Рвалі буйныя брусніцы,

Пад пушыстаю ляшчынай

Воду чэрпалі з крыніцы...

 

А цяпер там новы горад

Сігануў да звонкай высі,

На тарфянішчы азёры

Неаглядна разліліся.

 

Ў гэтай новай, добрай долі —

Часам толькі ў сне прысніцца:

З беднай хаты з чорнай столлю

Я, малая, йду ў брусніцы.

1956 г.


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан