epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Там, на імшарах і балотах...»

Там, на імшарах і балотах,

Дзе вольхі пяліся сухія,

Заводаў высяцца пралёты

І — трубы, трубы гаманкія.

 

Народ, вайной загартаваны,

Што больш жыцця шануе волю,

Залечвае былыя раны,

Сваю ўладкоўваючы долю.

 

І сёння анідзе не ўбачыш

Слядоў вайны, дзе зрок ні кінеш,

Хоць часам маці дзесьці плача

Употай,— аб забітым сыне...

 

Магчыма, бацька ноччу выйдзе,

І, быццам вартавы ў дазоры,

Сялібу з краю ў край абыдзе,

І — усміхнецца ясным зорам.

 

Ён ведае — ўсё добра будзе:

Узнялася моладзь на падмогу;

Натхнёна пракладаюць людзі

Да долі светлае дарогу.

 

Хай толькі будзе мір сусветны!

Хай толькі войн не будзе болей!

Край беларускі, край прыветны,

Які ж ты любы мне да болю!

1964 г.


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан