epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Таполя

Дом стаяў Купалы пад таполяй гэтай,

Каля дому ружы у садку цвілі,

Тут гучалі песні нашага паэта

Аб шчаслівай долі роднае зямлі.

Тут складаў ён вершы, тут пісаў паэмы,

Тут свае ён творы слаўныя тварыў,

У душы паэта тут гучалі тэмы —

Так, як льецца ноччу пошум у бары.

Наляцела буры грозная навала,

Вораг дом спапеліў, знішчыў кветны сад...

Песняра-паэта паміж нас не стала,

Згінуў ён, як верны арміі салдат.

Тут цяпер ні хаты, ні садка... Нічога.

Цэгла. Сум таполі. І глухі пустыр...

Вецер шэры попел гоніць па разлогах...

Скора засвітае нам жаданы мір!

Мінск тады ў руінах больш ляжаць не будзе,

Тут будоўлі песні шчыра зазвіняць,

Светлую сталіцу зноў збудуюць людзі —

Дом Купалы новы будзе тут стаяць!

1945


1945

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан