epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Твае словы

Твае словы злажу я ў скарбніцу

Майго сэрца,

як сонца праменні,

Каб маглі там і грэць і свяціцца

І ў завею і ночкай вясноченняй...

А як сцісне самота мне грудзі,

Ці то ўзнікне якая пагроза,

Ці то скрыўдзяць нядобрыя людзі,

Так, што пырснуць гаручыя слёзы,—

Я звярнуся душой к тваім словам,

І спакоем напоўняцца грудзі...

Перанесці усё я гатова,

Іх цяпла толькі час хай не студзіць!

1959 г.


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан