epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Тварыць і кахаць

Да працы, да светлай вялікай работы,

З абломкаў, руінаў тварыць новы дом!

Гэй, ўсе, ў каго сіла, уменне, ахвота,

Працуйце! Як шчыра, як светла у ём

Заблісне жыццё пажаданае долі,

Знаёмае сэрцу у мараў цішы...

Там дух ажыве, і прабудзіцца воля,

І моц засвітае знямелай душы.

Гэй, ўсе да работы!

Ты, сэрцам збалелы,

Ты, страціўшы веру, без моцы і сіл,

З разбітай надзеяй, з душой абамлелай,

Што ценем стаіш каля родных магіл!

Краніцеся светлай вялікай ідэі...

І з намі жывымі, гэй, гэй, працаваць!

І сіла ўваскрэсне, ўваскрэсне надзея —

Век жыць! Крэпка верыць!

Тварыць і кахаць!

1914


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан