epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Твой погляд

Твой погляд быў такі, як ласка добрай маці

З яе ўважлівай, лагоднаю турботай.

То поўніўся такой гарачаю пяшчотай,

Што быў мне як жыццё, як цёплы подых шчасця.

І вось прыйшла бяда. Гармат варожых гукі

Ўварваліся ў наш край, няслі і смерць і гора.

Без слёз самкнула я на шыі тваёй рукі...

Хоць ведала, што зноў сустрэнемся няскора...

Не! Не забыцца мне пра жудасць тога болю,

Што вынесці яго ніхто б не змог, здаецца,

Як выжыць я змагла? Як вытрымала сэрца?

Пры вестцы, што дамоў не прыйдзеш ты ніколі...

А я жыву... Змагла ж я болю не паддацца...

І вось рука мая цяпер — рука паэта —

І піша аб табе сягоння верш вось гэты...

Бо здолеў ты ва мне жывым навек астацца.

1956 г.


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан