epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Ты, пэўна, цяпер і не ўспомніш ніколі...»

Ты, пэўна, цяпер і не ўспомніш ніколі —

Занадта даўно усё гэта было.

Жыццё так сплятала ў клубок нашу долю,

Яе раздзяліць што на свеце магло?

Мы разам былі ў жаданнях і марах,

У працы, у думах, у шчырай любві...

Нам людзі казалі: «Дабраная пара!»

Казаў ты: «Жар-птушку сваю я злавіў!..»

Жар-птушка... Жар-птушка... А дзе ж твае

крылы?

Дзе твой палымяны, агнёвы задор?

З другою даўно ўжо гняздо звіў твой мілы,

Дзе ў Свіслач глядзіцца блакітны прастор...

І ты... Ты з другім... Ў камяніцы высокай,

У светлай, у роднай, любімай Маскве...

Глядзіць тваё сонца праз проразі вокан,

І — часам ўзнікае дума ў галаве.

Чаму так бывае? З’яднала нас доля,

А потым бяздумна навек разняла...

А сёння — ты мо і не ўспомніш ніколі,

Што я тваёй, мілы, жар-птушкай была.

1967 г.


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан