epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Ты думаў пра мяне

Ты думаў пра мяне,

я ведаю —

бо ўночы

Я не магла стуліць ні на хвіліну вочы.

І думка горача мне душу хвалявала.

Ты думаў пра мяне, і я таму не спала.

Ты думаў пра мяне,

я ведаю —

у словы

Жар палкіх дум тваіх быў выліцца гатовы,

Яны гучалі тут, так шчыра, так глыбока,

Мне пець хацелася — і плакаць... лёгка, лёгка...

Ты думаў пра мяне,

я ведаю —

і думы

Азваліся ва мне якімсьці светлым сумам.

Пяшчотай мяккаю яны абнялі сэрца,

І ты, ты адчуваў — чаму яно так б’ецца.

Ты думаў пра мяне,

я ведаю —

не стала

Тугі ў грудзях. Душа ад шчасця замірала...

Ты быў са мной! Пры мне!

Пры мне — а не далёка..

Мне пець хацелася — і плакаць...

лёгка, лёгка...

1959 г.


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан