epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Ты кажаш, мілы, што пахне бэз...»

Ты кажаш, мілы, што пахне бэз...

А мы на вуліцы, а не у садзе.

Праменьчык цёплы між хмар пралез,

Лагоднай ручкай нам твары гладзіць.

Як пахне юнай, свежай вясной

Водар пупышак з дрэў набрынялых,

Пахне смаліста, быццам сасной,

Што над дзяцінствам маім стаяла...

Яна мне другам мілым была.

Шумела; ціха над хатай ранкам...

У буру гнеўна, як звон, гула,

Калі над ёй палыхалі маланкі.

Я аб вясне мае вершы пішу,

Хоць восень хмура глядзіць у вочы...

Толькі вясна акрыяла душу —

І месца свайго уступаць не хоча.

1966 г.


1966

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан