epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Ты мяне сягоння не будзі...»

Ты мяне сягоння не будзі,

Хай мне сон прысніцца сіні, сіні...

Плыць хачу ў пругкай мора плыні,

Свежы холад цела каб студзіў —

Каб свяціла сонца так, як летам

У Кактэбелі свяціла нам,

Каб ізноў адчула я ўсё гэта,

Каб гучала ў душы паэта

Ў поўны голас спеўная струна...

Не будзі...

З табой мы былі разам

У краіне сіняе красы,

Вецер мякка лашчыў валасы,

Хвалі нам расказвалі сказы,

Разліваўся ціхі спеўны шум,

Над празрыстай, над блакітнай тонню

Блікі так ільсніліся!.. І сёння

Бачу іх... І вось заснуць спяшу,

Каб убачыць іх шчаслівым вокам,

Каб паплыць на іх туды, далёка...

І красой іх напаіць душу.

1967 г.


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан