epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Ты не лагодны быў сягоння...»

Ты не лагодны быў сягоння.

І — я прызнацца табе мушу,

Што зразу шэры змрок сутоння

Наліў па край мне смуткам душу.

Ты быў чужы, ты быў халодны,

Не глянуўшы, з пакоя выйшаў...

І — дом тады, мой друг лагодны,

Абняў мяне утульнай цішай.

Я не люблю лядовай маскі

З усмешкай кплівай і крывою,

Мне трэба цеплыні і ласкі,

Мне трэба мяккага спакою.

Адкуль яны — узлёты, спады,

Імкненне раніць мімаходам?

А ты ж дарыць умееш радасць!

Дык будзь жа гэтакім заўсёды.

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан