epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Ты помніш? Сказаў ты задумліва мне...»

Ты помніш? Сказаў ты задумліва мне:

«Паехаць хачу я ў Сібір, у тайгу,

Магла б ты паехаць са мною ці не?..»

Я цвёрда сказала: «Паехаць магу!»

Мяне прытуліў да сябе ты і змоўк...

Я раптам ўявіла, што ты не адзін,

Што жонка ў цябе, і дачушка, і сын...

І моўчкі ўраз адхілілася ўбок.

Шмат год праляцела з той даўняй пары.

У сваёй ты сям’і дажываеш свой век.

Мне яркай любоўю душу азарыў

І сябрам стаў верным другі чалавек.

Як светлая рэчка, плывуць мае дні.

Як часта цяпер бласлаўляю я лёс:

Ні ў чым маё шчасце няможна вініць,

Няма па ім гора чужога і слёз!

1958 г.


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан