epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Ты прыходзь да мяне...»

Ты прыходзь да мяне, не глядзі, што мо твар мой

стамлёны,

Што мо ў ложку ляжу, бо баліць у мяне галава,

З воч маіх ты знімай абыякавых з’яваў заслону,

Хай пачую упартасць, з якой прарастае трава,

Хай убачу, як бляск тваёй моцы праніжа туманы,

І ўвесь свет ляжа ў проразь маіх прагна раскрытых

павек,

І пазнаным хай стане ўсё, што было непазнаным,

Адчыні мне душу таямніцы, што носіць імя —

чалавек.

Што мы знаем аб ім? То вялікі без меж і граніц,

То малы, як дзіця, калі скрушна схіліў галаву,

То магутным асілкам ў бязмер ён бязгранны імчыцца,

То ў немым бяссіллі сабой падмінае траву.

Хоць жыві ты з ім век — не дазнацца канца яго

грані —

Ён заўсёды другі. У адным толькі ясны навек,

Што яго асвятляе заўжды сваім сонечным ззяннем:

Ён савецкай зямлі чалавек!

Ну, а ты — ты прыходзь! Не глядзі, можа, пала я

духам,

Можа, сэрца баліць ўсё аб тым, што пражыта даўно...

Ты шапні запаветнае слова тваё мне на вуха,

Ў свет вялікі бяскрайні адкрый мне шырока акно.

Я люблю, калі ты маю душу думою трывожыш,

Я люблю, калі сэрца заб’ецца натхнёна хутчэй,

І ты шлях, шлях шырокі для творчае працы

праложыш,

Я працую тады...

І мне жыць, і мне дыхаць лягчэй.

1968 г.


1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан